
18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства правядуць 21 студзеня вечарыну "Ай калядачкі, вы на дуб на дуб", паведамілі БЕЛТА ў музеі.
Продкі беларусаў здаўна адзначалі зімовыя святы, пачынаючы з Раства па грыгарыянскім календары і заканчваючы Хрышчэннем па юліянскім календары. Увесь святочны перыяд суправаджаўся рознымі абрадамі. У розных кутках і абласцях Беларусі былі свае традыцыі.
"Цягнуць Каляду на дуба" - надзвычай цікавая лакальная традыцыя. Гэта своеасаблівае ўрачыстае завяршэнне святочнага перыяду для беларусаў. Абрад распаўсюджаны на ўсходзе Мінскай вобласці і захадзе Магілёўшчыны. У вёсках Бярэзінскага раёна ён мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці.
Наведвальнікі музея змогуць праслухаць лекцыю, прысвечаную гэтаму ўнікальнаму абраду, яго зместу і сэнсу, а таксама паўдзельнічаць у песенна-танцавальным вечары, дзе паслухаюць беларускія народныя калядныя песні, інструментальную музыку і станцуюць старадаўнія танцы, якія танцавалі продкі беларусаў.-0-