ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 6 ліпеня 2022
Мінск +13°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 мая 2022, 15:34

Міжнародны фестываль "Залатая пчолка" збярэ ў Клімавічах амаль 1 тыс. удзельнікаў

Фота з архіва
Фота з архіва

24 мая, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. ХХ Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" збярэ ў Клімавічах амаль 1 тыс. удзельнікаў. Аб гэтым расказаў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стальмашок у час прэс-канферэнцыі, перадае БЕЛТА.

"Магілёўская вобласць багатая на розныя фестывальныя традыцыі, - адзначыў Алег Стальмашок. - Шэраг брэндавых для рэгіёна мерапрыемстваў стаў шырока вядомы не толькі на тэрыторыі краіны, але і за яе межамі: свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), музычны фестываль "Залаты шлягер", маладзёжны тэатральны форум "М.@rt.Кантакт", фестываль "Анімаёўка" і, вядома ж, фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка", які ў свой 20-ы юбілейны раз пройдзе з 26 па 29 мая на клімавіцкай зямлі".

Удзельнікамі мерапрыемства стануць амаль 1 тыс. чалавек - прадстаўнікі 6 краін: Беларусь, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Узбекістан. Толькі ў конкурснай праграме выступяць амаль 540 дзяцей, 112 з якіх прыедуць з-за мяжы. Творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў прадставяць сваю творчасць у трох намінацыях - вакальнае, харэаграфічнае і выяўленчае мастацтва. Асаблівасцю гэтага фестывалю традыцыйна стане высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў і высокапрафесійнае журы, якое не толькі вызначыць пераможцаў, але і правядзе шэраг майстар-класаў.

Праграма свята будзе насычанай і цікавай. 27 мая адбудуцца конкурсныя праслухоўванні і прагляды па жанрах. 27-28 мая ў гарадскім парку будзе арганізавана работа творчай пляцоўкі ўстаноў культуры рэгіёна "У свеце гульні і цацкі" з выставай-продажам майстроў і ўмельцаў, прэзентацыяй беларускіх народных традыцыйных гульняў. Таксама будзе працаваць пляцоўка ўстаноў прафесійнай адукацыі "Праекты будучыні" і фотасушка #Залатая пчолка з дэманстрацыяй здымкаў за ўсю гісторыю правядзення фестывалю.

Святочнае адкрыццё ХХ Міжнароднага фестывалю "Залатая пчолка" адбудзецца 27 мая ў 20.30. Гледачам прадставяць праграму "Залатая пчолка. 20 гадоў разам". 28 мая ў раённым Цэнтры культуры і Клімавіцкай дзіцячай школе выяўленчых мастацтваў пройдзе цырымонія ўручэння дыпломаў удзельнікам, круглыя сталы па розных жанравых напрамках. Узнагароджанне лаўрэатаў і заключны гала-канцэрт "Залатое сузор'е талентаў" запланаваны 28 мая ў 13.00. Другі дзень фестывалю завершыцца канцэртнай дыска-праграмай "Падарунак фестывалю".

29 мая будзе працаваць прэзентацыйная выставачна-гандлёвая пляцоўка "Клімавічы запрашаюць", пройдуць спартыўна-забаўляльная маладзёжная акцыя "Тата, мама, я - спартыўная сям'я", конкурсная праграма "Міс Залатая пчолка", маладзёжны марафон "Будучыня за намі".

"Асноўным напрамкам дзяржаўнай палітыкі Беларусі застаецца падтрымка таленавітай моладзі, - азначыў Алег Стальмашок. - Так, у Магілёўскай вобласці ў 2021 годзе спецыяльным фондам Прэзідэнта адзначаны 142 чалавекі, калі ў 2020-м іх было 57. Наша задача - не толькі выявіць, але і дапамагчы гэтым дзецям знайсці сябе ў творчасці. Правядзенне такіх фестываляў, як "Залатая пчолка", лепш за ўсё садзейнічае раскрыццю іх талентаў, унутранаму развіццю і руху наперад".

Фестываль дзіцячай творчасці быў арганізаваны на клімавіцкай зямлі ў 1996 годзе па ініцыятыве раённага выканаўчага камітэта. На свята запрасілі бліжэйшых суседзяў - дзіцячыя калектывы з Касцюковіч, Крычава, Слаўгарада і расійскага пасёлка Шумячы. Фестываль прайшоў з вялікім размахам і называўся "Залатой пчолкай", паколькі сімвалам горада Клімавічы з'яўляецца герб з выявай пчалы. У наступным годзе мерапрыемства ўжо стала рэгіянальным, а з 2021-га атрымала статус міжнароднага.

Фестываль "Залатая пчолка" набыў вялікую папулярнасць у краінах блізкага і далёкага замежжа. За гады існавання ў ім прынялі ўдзел выканаўцы і творчыя калектывы з 26 краін. Тут заззяла нямала яркіх зорачак, для многіх творчае мерапрыемства стала сапраўдным трамплінам у творчае будучае. Фестываль вызначае шматграннасць, жанравая разнастайнасць, шчырая і цёплая атмасфера.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі