ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 6 ліпеня 2022
Мінск +13°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 мая 2022, 16:30

Мінкультуры: нягледзячы на палітычныя інтрыгі і санкцыі, фестывальны Віцебск збярэ сяброў з 25 краін

Фота з архіва
Фота з архіва

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нягледзячы на палітычныя інтрыгі і санкцыі, фестывальны Віцебск збярэ сяброў з 25 краін, паведаміла журналістам начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У аснове канцэпцыі фестывалю 2022 года, вядома, тэма Года гістарычнай памяці і 20-гадовы юбілей міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу. У сувязі з гэтым будуць новыя падыходы. Захоўваючы старыя добрыя традыцыі, фестываль, безумоўна, закладзе і новыя, пакажа шмат новых праектаў, якія будуць запатрабаваны ў шырокай аўдыторыі, розных катэгорый гледачоў", - сказала Іна Адамовіч.

Яна адзначыла, што, нягледзячы на палітычныя інтрыгі і санкцыі, фестывальны Віцебск традыцыйна збярэ на пляцоўках горада сапраўдных сяброў і паклоннікаў з больш як 25 краін, "каб на ўвесь голас адкрыта заявіць, што мова песні - гэта мова дружбы".

Паводле слоў дырэктара Дырэкцыі фестывалю мастацтваў Глеба Лапіцкага, за 30 гадоў на "Славянскім базары" было прадстаўлена больш як 80 краін. "Некалі Мексіка і Канада для нас былі далёкімі краінамі і мы думалі, як людзі будуць дабірацца. Але фестываль паказвае, што жаданне тварыць можа перажыць пералёты на самалётах, лагістычныя цяжкасці", - сказаў ён.

Глеб Лапіцкі заўважыў, што Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" вобразна можна назваць міністэрствам замежных спраў фестывалю: прадстаўніцтва канкурсантаў сапраўды шырокае.

У цэлым жа на геаграфію фестывалю ўплывае лагістычная сітуацыя, якая ў першую чаргу звязана з пандэміяй. "У гэтым годзе мы вельмі спадзяёмся, што абвастрэння эпідабстаноўкі не будзе", - сказаў ён, заўважыўшы, што ад турыстычных кампаній і цэнтралізаваных груп, у тым ліку з краін Еўропы, ёсць вялікая цікавасць.

Продаж білетаў на фестываль стартаваў у лютым. "Запрашаем гасцей з усіх краін. Думаю, кожны глядач знойдзе праект даспадобы, які з радасцю наведае і атрымае сапраўднае задавальненне", - адзначыла Іна Адамовіч.

Асноўнымі мерапрыемствамі фестывалю стануць гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця, мерапрыемствы ў час Дзён Саюзнай дзяржавы, Дзён моладзі, міжнародныя конкурсы і многія іншыя праекты. Рэжысёр урачыстага адкрыцця і гала-канцэрта - Агата Мацко. На адкрыцці традыцыйна будуць уручаны спецыяльныя ўзнагароды кіраўніка дзяржавы "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення", а таксама прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, якія прысуджаюцца раз у два гады. "Акрамя таго, у гэтым годзе аднаўляецца традыцыя і будзе ўручана ўзнагарода пераможцу дзіцячага юбілейнага, XX міжнароднага вакальнага конкурсу "Віцебск-2022", - дадала начальнік упраўлення.

Мерапрыемствы Дзён Саюзнай дзяржавы ў гэтым годзе пройдуць у пашыраным фармаце дзякуючы падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. Арганізатары парадуюць гледачоў новымі цікавымі творчымі праектамі і прадэманструюць усю шырыню фестывальнай палітры і сцэнічнага мастацтва.

Начальнік упраўлення падкрэсліла, што "Славянскі базар у Віцебску" - унікальная падзея на ўсёй постсавецкай прасторы і, магчыма, ва ўсім свеце, гэта візітная картка не толькі Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі. Нязменным застаецца яго дэвіз - "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Фестываль садзейнічае ўмацаванню міжнацыянальнай дружбы, служыць самым высакародным мэтам міру і добрасуседства, сапраўдным ідэалам духоўнасці і дабра. Як яркі культурны брэнд, "Славянскі базар" з'яўляецца ўвасабленнем беларускай незалежнасці і пашырае новыя гарызонты ў гуманітарнай і культурнай сферах, нязменна падкрэсліваючы адкрытасць, дружалюбнасць і гасціннасць беларускага народа, упэўнена начальнік упраўлення. Паводле яе слоў, "Славянскі базар" - самы знакавы, яркі маштабны культурны брэнд Беларусі, і, вядома ж, ён адбудзецца.

XXXI Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў 2022 годзе пройдзе з 13 па 18 ліпеня. Адкрыццё фестывалю запланавана на 14 ліпеня, закрыццё - 17 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі