ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 7 лютага 2023
Мінск -6°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 лістапада 2022, 09:34

Куцэнка рыхтаваўся 10 гадоў. Стваральнікі фільма "Балканскі рубеж" расказалі аб рабоце над кінакарцінай

Фота з архіва
Фота з архіва

10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стваральнікі расійска-сербскага ваенна-драматычнага баевіка "Балканскі рубеж" расказалі журналістам у Мінску аб тым, якая работа была праведзена пры падрыхтоўцы гэтай кінакарціны, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў прадзюсар Вадзім Быркін, гэты фільм пра вайну ў Югаславіі ацэнены гледачамі. "У яго былі і прыхільнікі, і праціўнікі. Калі ў Кітаі ён прызнаны адным з лепшых фільмаў пра ваенныя канфлікты і на сайце "Кінапошук" прызнаны лепшым фільмам 2019 года, то газета "Таймс" напісала, што гэта "мяккая сіла Пуціна", і раскрытыкавала яго ў рэдакцыйным артыкуле. Для нас гэта вялікі гонар, значыць, мы ўсё зрабілі правільна. На іх думку, падзеі ў фільме адбываліся наадварот: на самай справе нібыта НАТА ратавала Югаславію і лётчыкі, якія бамбілі Бялград, - героі. Значыць героі не тыя, хто гінуў, а тыя, хто бамбіў", - сказаў ён.

Урэшце, фільм не толькі пра вайну. "Ён пра любоў, справядлівасць, гонар за саміх сябе, пра тое, што мы гатовы на ўчынкі. Хацелася б, каб фільм увайшоў у душу гледачоў", - адзначыў прадзюсар.

Паводле яго слоў, адзін з важных момантаў фільма - сцэна на мосце. "Калі ў 1999 годзе Бялград бамбілі, людзі выходзілі на масты, каб абараніць іх уласнымі целамі, яны спявалі песні. Гэта балканскі характар. Калі мы здымалі гэту сцэну ў Бялградзе, нас уразіла, што на масоўку з 1 тыс. чалавек сярод тых, хто прыйшоў, 80 працэнтаў былі тыя ж самыя людзі, якія 20 гадоў таму абаранялі гэты мост", - расказаў Вадзім Быркін.

Прычым для здымак намалявалі аналагічныя плакаты, якія былі тады ў руках у людзей. На мосце іграла тая самая папулярная група. Людзі ўспаміналі, як яны 20 гадоў таму знаходзіліся на гэтым мосце, але, на шчасце, не ляталі самалёты і не бамбілі Бялград, а проста здымалі кіно "Балканскі рубеж".

Адказваючы на пытанне, ці можна па гэтым фільме вучыць гісторыю, прадзюсар адказаў сцвярджальна. "Па гэтым фільме можна вучыць гісторыю, таму што гэты перыяд стаў пераходным для Расіі. У 1999 годзе, менавіта тады, пасля 10 гадоў знаходжання на задворках сусветнай гісторыі, Расія паказала свой твар. Мы абвясцілі, што нешта значым, мы зрабілі ўчынак па ўзяцці аэрапорта ў Прышціне і кантролі за пэўнымі ўчасткамі ў ходзе гэтай вайны. Няхай гэта гучныя словы, але лічыцца, што менавіта ў той момант Расія ўстала з каленяў", - сказаў ён.

Кінарэжысёр Андрэй Волгін расказаў, што работа над фільмам доўжылася даволі доўга. "Як гаворыць Гоша Куцэнка (сыграў адну з галоўных роляў. - Заўвага БЕЛТА), работа ішла ў яго 10 гадоў. Таму што ён яшчэ тады, калі сядзеў дома ў Маскве, глядзеў тэлевізар і бачыў гэтыя падзеі, ужо задумваўся, што трэба зрабіць кіно. Калі гаварыць пра мяне, недзе ў раёне чатырох гадоў (заняла работа. - Заўвага БЕЛТА). Спачатку мы атрымалі вялікі раман, які потым сціснуўся да фармату экраннага часу", - сказаў ён.

Паводле яго слоў, стваральнікі не баяліся ўзяцца за гэту складаную карціну, заснаваную на рэальных падзеях. "Мы не ігралі ў глыбокую драму на аснове нейкіх палітычных падзей, якія адбываліся ў той момант. Гэта ўсё ж такі кіно вялікага пракату, яно працуе па сваіх правілах. Кіно атрымалася вялікае, эфектнае, відовішчнае, але ў той жа час у ім закладзена пэўная думка, якую мы спрабавалі данесці як аўтары. Думка ў тым, што брацкія народы павінны адзін аднаму дапамагаць і адзін аднаго падтрымліваць", - растлумачыў ён.

Пракатны лёс у фільма быў даволі шырокі. "Дакладна ведаю, што ён быў у Францыі, Германіі, але крыху ў іншым мантажы. Скажам так, там выразалі сцэны, якія звязаны з палітыкай, але мы настойвалі на тым, каб гэтыя сцэны засталіся, таму што яны даюць поўнае ўяўленне пра тое, што адбывалася", - дадаў Андрэй Волгін.

Святлана Чуйкіна, якая сыграла Марту, прызналася: яе роля, хоць і зусім невялікая, але даволі няпростая, таму што адлюстроўвае лінію гандлю органамі на вайне. Гераіню хутка знішчаюць як зло. "Персанаж не станоўчы. Роля на англійскай мове, як і ў "Плакаць нельга", таму была падрыхтоўка моўная, зразумела", - расказала актрыса.

Яна прызналася, што падчас здымак двух фільмаў "Балканскі рубеж" і "Плакаць нельга" нават не меркавалі, наколькі яны будуць архіактуальныя ў наш час. "Мы цяпер будзем таксама зусім інакш глядзець гэта кіно ў сувязі з сусветнымі падзеямі. Вядома, фільм пра тое, каб не было вайны. Вельмі хачу, каб усё ж такі настаў такі час, калі мы, людзі, зможам жыць у міры - усе і ўсюды. Не так, што недзе там можна, а тут нельга. Каб мы ўсе жылі ў міры і ў любові. Фільм, вядома, правільны: пра любоў, дабро", - адзначыла яна.

Прадзюсар Вадзім Быркін таксама лічыць, што ў цяперашняй сітуацыі карціна асабліва актуальная. "Фільм, які выйшаў у 2019 годзе, а зняты быў у 2018-м, асабліва актуальны цяпер і глядач пачынае разумець, што, аказваецца, там праўда, гэтак яно і было. Так, мы ведалі, на што ідзём, чым рызыкуем. Але час паказаў нашу правату", - сказаў ён.

Расійска-сербскі ваенна-драматычны баявік "Балканскі рубеж" рэжысёра Андрэя Волгіна, прысвечаны сакрэтнай аперацыі па захопе аэрадрома Слаціна ў Косаве і Метохіі падчас ваеннай аперацыі НАТА ў Югаславіі, паказалі 6 лістапада ў пазаконкурснай праграме кінафестывалю "Лістапад-2022".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі