ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 29 кастрычніка 2020
Мінск Воблачна з праясненнямі +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 верасня 2020, 14:09

Канал "Культура" Беларускага радыё падрыхтаваў прэм'еру да Міжнароднага дня музыкі

Фота з архіва
Фота з архіва

27 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канал "Культура" Беларускага радыё падрыхтаваў прэм'еру да Міжнароднага дня музыкі, які адзначаецца 1 кастрычніка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

"У праграме "Канцэртная зала" прагучыць сюіта Birdman, створаная кампазітарам Аляксандрам Літвіноўскім у 2020 годзе для камернага аркестра, - адзначылі ў прэс-службе. - Твор быццам сатканы з мелодый, у якіх адчуваецца вакальны выток, прыродныя спевы і сімвалічная гармонія птушыных перазвонаў".

У музыцы сюіты чуецца дыханне старадаўніх англійскіх балад, патрыярхальны дух кранальных музычных традыцый правінцыі. "Гэта плён мастацкага пераасэнсавання маёй музыкі, напісанай да тэатральнай пастаноўкі "Мой тата - птах". Літаратурнай асновай спектакля стала аднайменная кніга англійскага пісьменніка Дэвіда Алмонда, які стварае светлыя і павучальныя гісторыі ў жанры магічнага рэалізму. Такія творы, у якіх дэталі штодзённага жыцця пранізвае бязмежная фантазія, падабаюцца шматлікай аўдыторыі, падштурхоўваюць да роздумаў", - расказаў Аляксандр Літвіноўскі.

Пасля знаёмства з літаратурнай крыніцай кампазітар абстрагаваўся ад выразнага сюжэту, ад яркіх характараў персанажаў і сродкамі класічных інструментаў ўвасобіў незалежны вобразны свет з амаль няўлоўнымі алюзіямі на кнігу Дэвіда Алмонда.

Музыка сюіты адлюстроўвае шчасце чалавека, які купіў крылы, адчуў трывожна-загадкавае прадчуванне палёту і перажыў ні з чым не параўнальнае імгненне свабоднага ўзлёту. Гукавыя вобразы паслядоўна раскрываюцца ў адзінаццаці частках твора.

Прэм'ера сюіты Birdman адбудзецца на канале "Культура" 1 кастрычніка ў 19.00. Выканаўца - сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Сасноўскага. Паслухаць музычны твор Аляксандра Літвіноўскага можна будзе і на сайце канала "Культура" ў аўдыяархіве праграмы "Канцэртная зала".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі