Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 сакавіка 2023, 11:06

Камедыю Гогаля "Жаніцьба" прадставілі ў Брэсцкім тэатры драмы

20 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы адбылася прэм'ера спектакля "Жаніцьба" па аднайменнай камедыі Мікалая Гогаля, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Жанр спектакля - "цалкам неверагодная падзея ў дзвюх дзеях" - вызначыў сам аўтар п'есы. І рэжысёр-пастаноўшчык Цімафей Ільеўскі, хоць і змясціў дзеянне спектакля ў прастору па-за часам, беражліва паставіўся да драматургіі класіка. Галоўны рэжысёр БАТД не толькі захаваў сакавітую і непаўторную мову Гогаля, але нават увёў аўтара ў сцэнічную дзею. Знаёмы цень пісьменніка, які прагульваецца ў пачатку і фінале пастаноўкі, надае ёй нейкую закальцаванасць.

"Гэта складаная п'еса, хоць павярхоўна яна, здаецца, выглядае лёгкім вадэвілем, але там так шмат усякіх вузельчыкаў, якія завязаны ў вялізны моцны вузел, які нагадвае гордзіеў. Мы не сталі яго сячы, а паціху развязвалі, знаходзілі новыя лініі ўзаемадзеяння паміж персанажамі, удакладнялі жанр", - адзначыў Цімафей Ільеўскі.

За драматургію Гогаля рэжысёр бярэцца другі раз, і гэта стала для яго чарговым выпрабаваннем. "Я разумею, наколькі гэта складаны аўтар, усё ж такі не проста так лічыцца, што гэта пісьменнік містычны. Калі пачынаеш працаваць з Гогалем, пачынаюць усялякія незразумелыя рэчы адбывацца, і не ведаеш, чым гэта можа закончыцца. Яшчэ за два дні да прэм'еры мы былі ў адчаі, разумеючы, як у нас усё не складваецца. А потым мне ў сне прыснілася адна невялікая мізансцэна, інтэрмедыя, што дапамагла звязаць канцы з канцамі", - сказаў Цімафей Ільеўскі.

Усе ролі ў гэтай п'есе пра сарванае вяселле нерашучага ў асабістым жыцці чыноўніка вострахарактарныя, і з імі выдатна спраўляюцца акцёры. Непараўнальная пара Яніны Малінчык і Генадзя Чурыкава, арганічна пражываюць сваіх герояў Сяргей Кандрацюк і Павел Асташэня. Яркія запамінальныя вобразы стварылі Алег Бузук і Наталля Лабко.

Дзеянне спектакля разгортваецца вакол сватаўства і саперніцтва няўдачлівых жаніхоў на фоне дэкарацый, галоўнай з якіх з'яўляецца дыван - шматвяковы сімвал утульнасці і мяшчанства. На руку заможнай нявесты прэтэндуюць адразу некалькі канкурэнтаў. Галоўны герой ніяк не вызначыцца, ці хоча ён расстацца са сваім халасцяцкім жыццём, і ў самы адказны момант лічыць за лепшае выскачыць у акно. Развязка і нечаканая, і прадказальная адначасова: вось як бывае, калі жаніцьба выступае ў ролі камерцыйнага прадпрыемства і здзелкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі