Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 студзеня 2023, 10:40

Каля 55 твораў мастака Валерыя Шкарубы прадставяць на выставе ў Мінску

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэтраспектыўную выставу "Валерый Шкаруба (1957-2020). In Memoriam" прадставяць сёння ў вялікай галерэі Нацыянальнага мастацкага музея, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

Выстава прысвечана памяці і 65-годдзю з дня нараджэння Валерыя Шкарубы - выдатнага беларускага мастака, творы якога добра вядомы як у Беларусі, так і за яе межамі. "Ён працаваў у жанры пейзажнага жывапісу і развіваў у сваёй творчасці традыцыі рэалістычнага мастацтва. Яго карціны вызначаюцца высокім прафесіяналізмам выканання. У іх спалучаецца тонкасць паэтычнага ўспрымання прыроды з глыбокім лірыка-філасофскім зместам", - расказалі арганізатары.

У экспазіцыі прадставяць каля 55 твораў са збору Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Музея гісторыі горада Мінска, ААТ "Пріорбанк", а таксама сям'і Валерыя Шкарубы. "Кожны твор мастака - гэта своеасаблівы гімн прыродзе Беларусі. Яго персанальныя выставы, геаграфія якіх надзвычай шырокая, з поспехам прайшлі не толькі ў Беларусі, але і ў прэстыжных музеях і галерэях Расіі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Кітая, Японіі. Акрамя таго, ён прымаў удзел у культурных мерапрыемствах, праводзімых Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь за мяжой", - адзначылі ў музеі.

Творы Валерыя Шкарубы экспанаваліся ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, на выставах беларускіх мастакоў у Еўрапарламенце, на выставе ў Палацы Нацый у Жэневе, на 51-м Венецыянскім міжнародным біенале мастацтва ў 2005 годзе. Акрамя таго, мастак прымаў удзел у выставе беларускага жывапісу ў Цэнтры П'ера Кардэна ў Парыжы, у японскім горадзе-пабраціме Мінска Сендаі, у палацы Хофбург у Вене.

Адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 27 студзеня ў 17.00. Яе работа прадоўжыцца да 26 сакавіка.

Валерый Шкаруба ў 2000 годзе быў узнагароджаны медалём "За заслугі ў выяўленчым мастацтве". Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2002). Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2014). У 2015 годзе адкрылася персанальная карцінная галерэя Валерыя Шкарубы ў Барысаве. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2020).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі