ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 25 верасня 2022
Мінск Малавоблачна +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 ліпеня 2022, 17:46

Больш за 500 майстроў народнай творчасці прадставілі свае вырабы на свяце ў Александрыі

9 ліпеня, Александрыя /Кар. БЕЛТА/. Больш за 500 умельцаў і майстроў народнай творчасці прадставілі свае ўнікальныя вырабы на выставе-кірмашы ў Александрыі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала старшыня саюза майстроў народнай творчасці па Магілёўскай вобласці Наталля Дамінікава.

На святочнай выставе-кірмашы сваю творчасць прадставілі не толькі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з усёй Беларусі, але і звыш 80 народных умельцаў з Таджыкістана і 13 рэгіёнаў Расіі - Дагестана, Якуціі, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Югры, а таксама шэрага абласцей - Бранскай, Курскай, Ленінградскай, Ніжагародскай, Новасібірскай, Арэнбургскай і іншых. Работы кожнага майстра ўнікальныя, поўнасцю адлюстроўваюць самабытнасць і культуру прадстаўленага рэгіёна.

Асаблівае месца на выставе-кірмашы адведзена тэматыцы самога свята - "Купаллю". Так, майстры Прыдняпроўскага рэгіёна прэзентавалі экспазіцыю купальскай лялькі. Яна размясцілася на выставачнай прасторы Магілёўскай вобласці і налічвала больш за 40 работ, вырабленых удзельнікамі абласнога конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Дзіцячая цацка: ад мінулага ды сучаснага", ініцыяванага абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Дарэчы, фінал творчага спаборніцтва з аб'яўленнем пераможцаў адбудзецца на свяце "Купалле". Лепшых з лепшых вызначаць па трох намінацыях: "Старадаўняя народная цацка", "Сучасная народная цацка" і "Купальская лялька".

"Штогод да свята "Купалля" ў Александрыі мы рыхтуем пэўны конкурс, каб было цікава і рамеснікам, і наведвальнікам, - расказала Наталля Дамінікава. - Раней мы праводзілі падобны конкурс - традыцыйная лялька ў рэгіянальным адзенні. Цяпер вырашылі зрабіць менавіта Купалінак. Для таго каб перадаць вобраз гэтай лялькі, майстры вывучалі гісторыю і традыцыі яе стварэння, сакральны сэнс і сімволіку свята. Шмат у чым дапамаглі кнігі, фальклорныя экспедыцыі. У выніку атрымалася яркая і самабытная выстава. Тым больш што ў конкурсных работах сумешчаны не толькі традыцыі, але і сучаснасць - кожны майстар інтэрпрэтаваў Купалінку па-свойму".

На выставе прадстаўлены цацачныя прыгажуні, зробленыя з прыродных матэрыялаў, - гліняныя, саламяныя, з тканіны. Кожная лялька прыгожая па-свойму, упрыгожана аўтэнтычнай вышыўкай, кветкамі і рознымі дэкаратыўнымі элементамі. Сярод удзельнікаў творчага спаборніцтва - кіраўнік студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Цэнтра вольнага часу і творчасці Бабруйска Гульнара Качан. Майстар прадставіла народную ляльку, вырабленую без выкарыстання іголкі. У руках у цацачнай прыгажуні кошык з бяросты з высушанымі лекавымі зёлкамі. Захоўваючы традыцыі, кашуля Купалінкі пашыта з лёну з купальскім арнаментам з кветак, а яе льняныя валасы ўпрыгожвае вянок з сухацвету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі