Сцяг Панядзелак, 20 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 красавіка 2024, 10:07

160 гадоў з дня нараджэння Віктара Струева - аўтара праекта мінскага храма Аляксандра Неўскага

Фота з архіва
Фота з архіва
4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 160 гадоў з дня нараджэння беларускага архітэктара Віктара Струева, аўтара праекта храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага ў Мінску.

Віктар Струеў адыграў важную ролю ў фарміраванні архітэктурнага аблічча беларускіх гарадоў і мястэчак у канцы XIX - пачатку XX стагоддзя. Праваслаўныя цэрквы, пабудаваныя па яго праектах, сталі сапраўдным упрыгажэннем Беларусі.

Віктар Іванавіч Струеў нарадзіўся ў Маскве ў 1864 годзе. Скончыў Строганаўскае цэнтральнае вучылішча тэхнічнага малявання (цяпер Расійскі дзяржаўны мастацка-прамысловы ўніверсітэт імя С.Р. Строганава) і Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Сярод яго настаўнікаў былі вядомыя рускія жывапісцы і архітэктары В.Д. Паленаў, У.Я. Макоўскі, Я.С. Сарокін, І.С. Камінскі і інш. Пасля заканчэння вучобы ў 1892 годзе быў накіраваны на работу ў Мінск. З 1893 па 1913 год працаваў епархіяльным архітэктарам у Санкт-Пецярбургу, з 1914 па 1919 год - у Мінскай губерні.

З 1920 года быў архітэктарам рэспубліканскага пададдзела Камітэта дзяржаўных збудаванняў, з 1921 года - архітэктарам Народнага камісарыята асветы, з 1923 года - архітэктарам Заходняй акругі, а з 1924 года - мінскім гарадскім архітэктарам.

Струеў таксама займаўся педагагічнай дзейнасцю: выкладаў у Мінскім жаночым епархіяльным вучылішчы, на будаўнічым факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). З 1923 па 1924 год быў дэканам архітэктурнага аддзялення Мінскага архітэктурна-будаўнічага дарожнага тэхнікума.

Першыя гады службы ў якасці архітэктара Мінскай епархіі былі насычаны паездкамі па беларускай глыбінцы. Струеву даручалі выбіраць месцы для будаўніцтва храмаў, распрацоўку іх праектаў і планы рэканструкцыі, а таксама кантроль за будаўнічымі работамі. Ён, дзякуючы знаёмству з мясцовай архітэктурай і лепшымі яе ўзорамі, распрацаваў шэраг праектаў драўляных прыходскіх храмаў, якія былі пабудаваны ў вёсках Ястрабель (Бярозаўскі раён), Язвінка (Лунінецкі раён), Слабодка (Стаўбцоўскі раён), Белавуша, Дубай (Столінскі раён) і інш.

Струеў таксама праектаваў мураваныя храмы ў псеўдарускім стылі. Сярод яго вядомых работ, якія захаваліся да нашага часу, - царква святога благавернага князя Аляксандра Неўскага. Храм быў пабудаваны ў 1896-1898 гадах на тэрыторыі Вайсковых могілак у Мінску. Гэта адзіная царква ў сталіцы, якая практычна цалкам захавала свой першапачатковы выгляд.

Таксама па праектах Струева былі пабудаваны царква святога Архангела Міхаіла ў Барысаўскім раёне, храм святых Пятра і Паўла ва Уздзенскім раёне, царква святога Ільі ў г.п. Любча, храм прападобнага Сімяона Стоўпніка ў Слуцкім раёне і інш. У 1909-1912 гадах архітэктар распрацаваў праекты мураваных школьных будынкаў для Турава і Заслаўя, вёсак Ракаў Мінскага, Даманавічы Салігорскага і Бабчын Хойніцкага раёна. Акрамя таго, ён падрыхтаваў пяць тыпавых праектаў царкоўна-прыходскіх школ. У суаўтарстве з І.А. Фаміным стварыў праект так званага юбілейнага дома ў гонар 300-годдзя кіруючай расійскай дынастыі Раманавых. У 1913 годзе ў будынку размясціўся Мінскі царкоўна-археалагічны музей (цяпер Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя Кірыла і Мяфодзія).

Памёр беларускі архітэктар у 1924 годзе.

Экспертамі было ўстаноўлена, што больш за 60 аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі звязаны з творчасцю майстра. Калекцыя праектаў Струева захоўваецца ў фондах Свяцейшага сінода ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі