ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 26 верасня 2021
Мінск Ясна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
17 мая 2021, 18:47
Таццяна Бранцэвіч

"Тры пытанні аб дзяржпраграме": шматвектарнасць сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Беларусі

Таццяна Бранцэвіч
Таццяна Бранцэвіч
Намеснік міністра эканомікі

Падведзены вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за 2016-2020 гады. На фінішнай прамой - распрацоўка праграмных дакументаў на чарговую пяцігодку. Менавіта дзяржаўныя праграмы з'яўляюцца інструментам выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Міністэрства эканомікі (каардынатар гэтага напрамку) сумесна з БЕЛТА арганізавалі цыкл інтэрв'ю "Тры пытанні аб дзяржпраграме", у рамках якіх плануецца асвятліць кожную з дзяржаўных праграм, рэалізаваных у мінулай пяцігодцы. Сёння на пытанні аб дзяржпраграме аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады адказала намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч.

Якія задачы вырашала дзяржаўная праграма?

"Перш за ўсё - забеспячэнне эфектыўнай занятасці насельніцтва, павышэнне канкурэнтаздольнасці рабочай сілы на рынку працы і яе тэрытарыяльнай мабільнасці. У дзяржпраграме рэалізоўвалася больш за 160 мерапрыемстваў", - сказала Таццяна Бранцэвіч.

Паводле яе слоў, беспрацоўным грамадзянам аказвалася садзейнічанне ў працаўладкаванні, атрыманні новай прафесіі альбо павышэнні кваліфікацыі. Тыя з іх, хто вырашыў стаць рамеснікам, заняцца прадпрымальніцтвам альбо знайсці сябе ў сферы аграэкатурызму, атрымалі фінансавую падтрымку. Такія субсідыі былі прадастаўлены больш як 8,7 тыс. беспрацоўных.

Таксама важны напрамак - падтрымка ў працаўладкаванні асоб, якія не маюць магчымасці канкурыраваць на рынку працы. Тут размова ідзе аб інвалідах, маладых людзях ва ўзросце да 21 года, якія ўпершыню шукаюць работу, бацьках у шматдзетных і няпоўных сем'ях, дзецях-сіротах, ваеннаслужачых, звольненых з ваеннай службы, асобах перадпенсійнага ўзросту, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. На забраніраваныя для гэтай катэгорыі рабочыя месцы працаўладкавана больш за 32 тыс. чалавек.

Пытанні паляпшэння ўмоў і аховы працы работнікаў, зніжэння вытворчага траўматызму ў рэспубліцы вынесены ў асобны блок дзяржпраграмы. Для іх вырашэння прымаліся меры па стварэнні бяспечных умоў працы.

Як адзначыла намеснік міністра, сацыяльная падтрымка грамадзян засталася шматвектарнай. Выплачана грашовая дапамога на аздараўленне 28,2 тыс. чалавек. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прадастаўлена больш як 1,4 млн грамадзян. Гэта штомесячныя і аднаразовыя выплаты на набыццё прадуктаў харчавання, лякарстваў, адзення, абутку, школьных прылад, сацыяльныя дапамогі для пакрыцця затрат на патрэбы маленькіх дзяцей - падгузкаў, дзіцячага харчавання.

Мабыць, адзін з важнейшых напрамкаў - падтрымка тых, хто фізічна не ў сілах пра сябе паклапаціцца. Тут цэнтральную ролю адыгралі тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. "Акцэнт у рабоце такіх цэнтраў быў зроблены на забеспячэнні даступнасці сацыяльнага абслугоўвання жыхароў вёскі, у тым ліку за кошт гаспадарчых брыгад і брыгад сацыяльнага абслугоўвання, якія дзейнічаюць на мабільнай аснове. На пачатак года працавалі амаль 1,2 тыс. сацыяльных пунктаў і 24 філіялы. Непрацаздольным грамадзянам аказваліся разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі (набыццё і дастаўка дадому прадуктаў харчавання, тавараў першай неабходнасці, прыбіранне жылых памяшканняў і інш.), прадастаўлялася комплекснае сацыяльнае абслугоўванне", - расказала Таццяна Бранцэвіч.

Адкрыты чатыры новыя дамы-інтэрнаты: два ў Мінскай вобласці, па адным у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Гэта разам з іншымі мерамі дало магчымасць стварыць больш камфортныя ўмовы пражывання, а таксама ліквідаваць чаргу на пасяленне, якая была на 1 студзеня 2016 года.

Комплекснае сацыяльнае абслугоўванне аказвалася і дома. Толькі ў 2020 годзе гэтыя паслугі атрымлівалі 93,8 тыс. непрацаздольных грамадзян, з іх больш як 3 тыс. скарысталіся паслугамі сядзелкі. Таксама прадастаўляліся паслугі суправаджальнага пражывання інвалідаў.

"Вядома ж, не забываем пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў, адзінокіх пажылых людзях і інвалідах I і II групы. Больш за 60 тыс. з іх аказана дадатковая сацыяльная падтрымка. Напрыклад, рамонт жылых памяшканняў, печаў, электраправодкі, устаноўка (замена) аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. І само сабой разумеецца, што кожны ветэран быў ахоплены комплекснымі медыцынскімі аглядамі", - падкрэсліла прадстаўнік міністэрства.

Прадаўжалася работа па павышэнні даступнасці асяроддзя жыццядзейнасці для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб. Тут размова ідзе не толькі аб бесперашкодным доступе да аб'ектаў, але і аб забеспячэнні інфармацыйнай даступнасці ў сферы тэле-, радыёвяшчання (для грамадзян, якія маюць праблемы са слыхам і зрокам).

Як ацэнены вынікі дзяржаўнай праграмы?

"Рэалізацыя дзяржпраграмы дала магчымасць дасягнуць мэтавых установак. Так, утрымана на ўзроўні, ніжэйшым за запланаваны, зарэгістраванае беспрацоўе: на пачатак года 0,2 працэнта пры парогавым значэнні 1 працэнт ад колькасці рабочай сілы", - адзначыла намеснік міністра.

Зменшана доля рабочых месцаў са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы. Забяспечана стабільнае зніжэнне паказчыка цяжкасці першаснага выхаду на інваліднасць асоб працаздольнага ўзросту. Знізіўся ўзровень вытворчага траўматызму.

Аснашчаны элементамі безбар'ернага асяроддзя 7,7 тыс. аб'ектаў. З улікам асаблівых патрэбнасцей інвалідаў адаптавана значная колькасць нумароў у здраўніцах і гасцініцах, а таксама аб'екты транспартнай інфраструктуры.

"У цэлым, высока ацэньваючы вынікі, камісія па дзяржпраграмах звярнула ўвагу і на пытанні, якія не ўдалося вырашыць у поўнай меры", - дадала Таццяна Бранцэвіч.

Якія праблемы не ўдалося вырашыць у поўнай меры?

Адна з праблем - сітуацыя з вытворчым траўматызмам, у тым ліку са смяротным канцом. "Адразу агаваруся. Размова ідзе не аб росце колькасці вытворчых траўмаў. Мы гаворым аб тым, што іх зніжэнне ідзе меншымі тэмпамі, чым было ўстаноўлена праграмай. Прычым такая сітуацыя характэрна для ўсіх абласцей Беларусі", - расказала намеснік міністра.

І другая праблема - невыкананне абавязацельстваў мясцовых органаў па фінансаванні рэканструкцыі і будаўніцтва стацыянарных устаноў (дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў). "Напрыклад, Гомельскім аблвыканкамам на гэтыя мэты на працягу пяці гадоў сродкі не выдзяляліся, Гродзенскім - выдзелена крыху больш за 21 працэнт ад запланаванай сумы, Магілёўскім - каля 12,5 працэнта, Мінгарвыканкамам - крыху больш за 47 працэнтаў. Агульнае фінансаванне капітальных укладанняў за пяць гадоў склала 56,2 працэнта ад прадугледжанага аб'ёму", - растлумачыла Таццяна Бранцэвіч.

Яна адзначыла, што гэтыя і іншыя праблемы трэба будзе вырашаць у бліжэйшыя гады ў рамках дзяржпраграм "Рынак працы і садзейнічанне занятасці" і "Сацыяльная абарона".-0-

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі