ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 2 снежня 2021
Мінск -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
20 сакавіка 2014, 18:31

Павел Ігнатовіч: Зарабіць Беларусі дапаможа біржавая лагістыка

Здольнасць краіны дастаўляць сваю прадукцыю за тысячы кіламетраў, мінімізуючы пры гэтым затраты на лагістыку і нарошчваючы аб'ёмы паставак, павышае яе канкурэнтаздольнасць і тэмпы росту экспарту. Аднак спецыялісты лічаць, што лагістычныя схемы, якія прымяняюцца цяпер у Беларусі, далёкія ад дасканаласці. Напрыклад, выкарыстанне перагрузачных тэрміналаў суседніх дзяржаў для перавалкі тавараў праз мяжу штогод абыходзіцца казне ў дзясяткі мільёнаў долараў, а недаатрыманая выгада ацэньваецца яшчэ вышэй. У сувязі з гэтым Беларуская ўніверсальная таварная біржа ў 2012 годзе пачала развіваць біржавую лагістыку. Новаўвядзенне дало ўжо беларускім грузаперавозчыкам першы плён у выглядзе дадатковага прыбытку, а адпаведна, і паступленняў у рэспубліканскі бюджэт. Якія новыя для Беларусі механізмы лагістыкі прапануе рэалізаваць біржа? Як яны будуць садзейнічаць прыцягненню сродкаў у дзяржказну? Якія перспектывы развіцця біржавой лагістыкі? Аб гэтым карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляў са спецыялістам біржы, які адказвае за біржавую лагістыку, Паўлам ІГНАТОВІЧАМ.

ГРОШЫ НА ВЕЦЕР

Многія тавары, якія з'яўляюцца асноўнымі экспартнымі пазіцыямі Беларусі, у тым ліку лесаматэрыялы і часткова сельскагаспадарчая прадукцыя, рэалізуюцца выключна праз біржавыя таргі. На электронных пляцоўках Беларускай універсальнай таварнай біржы штогод нараджаюцца соткі таварных кантрактаў, якія маюць патрэбу ў далейшым выкананні шляхам шэрага аперацый - транспартных, фінансавых, мытных, складскіх і г.д.

Калі пагадненні заключаюцца на ўмовах пастаўкі тавараў пад назвай DAF - граніца, у гэтым выпадку прадавец лічыцца выканаўшым сваё абавязацельства ў момант, калі ён паставіў тавар на мяжу. Паслугі па далейшай транспарціроўцы прадукцыі аказваюць у асноўным замежныя кампаніі. Яны, вядома ж, зарабляюць на лагістычных аперацыях вялікія грошы. Дастаўка толькі аднаго кубічнага метра круглай тэхналагічнай драўніны, напрыклад, у прыбалтыйскі порт каштуе ў сярэднім 10 еўра. На працягу года Беларусь экспартуе амаль 2,5 млн куб.м такой прадукцыі. Атрымліваецца, што гадавая транспартная выручка лагістычных кампаній складае амаль 25 млн еўра, расказаў Павел Ігнатовіч. Перавалка той жа драўніны ў заходнім напрамку яшчэ з часоў СССР ажыццяўляецца толькі на польскай тэрыторыі. Гістарычная прычына - у розніцы шырыні каляіны на дарогах краін былога Савецкага Саюза і краін Заходняй Еўропы. "Пры гэтым беларускія грузавыя тэрміналы, якія размешчаны на станцыях Брэст і Брузгі, сёння маюць тэхналагічныя магчымасці для самастойнай перавалкі тавару, аднак не загружаны работай. А ў выпадку іх актыўнага выкарыстання Беларусь ужо на працягу многіх гадоў магла эканоміць на аплаце паслуг па перавалцы", - заўважыў спецыяліст. Атрымліваецца, мікстура ёсць, а лячыць беларускую лагістыку доўгі час ніхто не спяшаўся.

Падлічана, што з улікам цяперашняй эканамічнай сітуацыі выручка ад выкарыстання патэнцыялу беларускіх тэрміналаў можа скласці амаль 7 млн еўра ў год. "Гэта таксама дасць магчымасць вырашыць праблему з доўгачасовымі пробкамі з тысяч вагонаў, якія ўтвараюцца на беларуска-польскай граніцы. Заторы ўзнікаюць з-за нескаардынаванасці дзеянняў прадпрыемстваў і чыгункі Беларусі, а таксама польскай чыгункі па перавалцы тавараў, - падкрэсліў спецыяліст. - Пры гэтым Беларусь нясе значныя фінансавыя страты, перш за ўсё з-за прастою вагонаў - практычна ва ўсіх галінах беларускай эканомікі адчуваецца іх пастаянная няхватка".

Не лепш ідуць справы з піламатэрыяламі, якія Беларусь прадае на ўмовах FCА (у гэтым выпадку пакупнік абавязуецца самастойна вывезці тавар са склада прадаўца). Аб'ёмы рэалізацыі піламатэрыялаў на экспарт у мінулым годзе наблізіліся да 800 тыс. куб.м, а дастаўка гэтага аб'ёму прадукцыі каштавала пакупнікам прыкладна 30 млн еўра, падкрэсліў прадстаўнік біржы.

Паводле даных экспертаў, на транспарціроўку толькі лесапрадукцыі замежныя кампаніі штогод трацяць амаль 60 млн еўра. А на біржы ж акрамя лесу прадаецца сельскагаспадарчая прадукцыя, метал, прамысловыя і спажывецкія тавары. "На жаль, з-за рэалізацыі беларускіх тавараў на апісаных вышэй умовах Беларусь недаатрымлівае дзясяткі мільёнаў долараў", - падкрэсліў Павел Ігнатовіч.

ЭКСПАРТ З РОЗУМАМ

На думку спецыялістаў БУТБ, змяніць існуючую сітуацыю нескладана - для гэтага дастаткова арганізаваць зладжаную работу прадпрыемстваў-прадаўцоў і транспартных кампаній Беларусі. Біржа яшчэ ў 2012 годзе прапанавала прадаўцам змяніць базіс паставак на экспарт. Новы механізм прадугледжвае рэалізацыю тавараў пакупнікам не са склада або граніцы, як гэта адбываецца цяпер, а з дастаўкай спажыўцу - на ўмовах DAP, DAT. У гэтым выпадку перавозчыка выбірае не пакупнік, а кампанія-прадавец, якая ў гэтай сітуацыі атрымлівае прыбытак не толькі ад рэалізацыі тавару, але і за арганізацыю яго перавозкі і перагрузкі. Асноўны станоўчы эфект ад прапанаванага інструменту ў тым, што заказы на дастаўку тавараў атрымліваюць транспартна-экспедытарскія кампаніі Беларусі, а не замежных дзяржаў. Адпаведна, частка іх валютных паступленняў ідзе дзяржаве праз падатковыя адлічэнні. Экспарт тавараў з дастаўкай праз біржавыя склады абяцае дадатковую выгаду і прадаўцам. Біржавыя склады, імкнучыся атрымаць ад унутранай лагістыкі свае даходы, пачынаюць бясплатна рэкламаваць беларускі тавар, пашыраючы яго продаж. Пакупнікі ў сваю чаргу атрымліваюць магчымасць не толькі пазбавіцца ад клопатаў, звязаных з арганізацыяй перавозак, але загадзя падлічыць транспартныя расходы, тым самым зняўшы рызыкі па лагістыцы.

Зрэшты, БУТБ перайшла ўжо ад слоў да справы. І найбольш актыўныя беларускія грузаперавозчыкі былі акрэдытаваныя на беларускай біржы. Аднак для таго каб новы інструмент паказаў сябе ва ўсёй красе, спатрэбілася зрабіць многае. "Заключыць пагадненні з біржавымі перавозчыкамі, якія забяспечваюць абавязковую дастаўку тавараў па фіксаваных цэнах, - цяпер іх 7, стварыць дадатковае праграмнае забеспячэнне для правядзення электронных таргоў з удзелам акрэдытаваных на біржы перавозчыкаў. Падабраць за мяжой запатрабаваныя адрасы дастаўкі і перавалкі тавараў, зарэгістраваўшы іх як біржавыя склады (цяпер у Еўропе і Азіі налічваецца 26 такіх адрасоў), і, нарэшце, стварыць нарматыўную базу", - удакладніў спецыяліст па лагістыцы.

Укараненне таргоў на новых умовах - перспектыўны крок. Няўмольная статыстыка гаворыць, што кошт лагістычных паслуг складае 60-90 працэнтаў ад кошту тавараў. Паводле слоў спецыялістаў беларускай біржы, пробныя таргі круглым лесам і піламатэрыяламі па новай схеме, праведзеныя ў 2013 годзе, далі магчымасць павялічыць валютную выручку ў сярэднім на 50 працэнтаў.

КАМЕНЬ СПАТЫКНЕННЯ

У лютым бягучага года аб неабходнасці развіцця біржавой лагістыкі заявіў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, які з'яўляецца старшынёй каардынацыйнага савета па біржавым гандлі. Перад экспарцёрамі, перш за ўсё лесаматэрыялаў і прадукцыі сельскай гаспадаркі, была пастаўлена задача па максімальным выкарыстанні біржавой лагістыкі ў біржавым гандлі, а перад біржай - па далейшым яе развіцці і ўдасканаленні.

Аднак без цяжкасцей не абыходзіцца. Паводле слоў Паўла Ігнатовіча, не ўсе прадаўцы гатовы ўзяць на сябе дадатковыя клопаты па дастаўцы тавару пакупніку. "Суб'екты гаспадарання, якія кіруюцца толькі ведамаснымі інтарэсамі, не гатовы да перамен. Яны гавораць: "Навошта? Тавар жа ж і так купляюць з нашага склада..." Але пры гэтым яны забываюць, што інтарэсы дзяржавы не заканчваюцца на паспяховым выкананні планаў па экспарце тавараў. Першачарговыя задачы накіраваны на атрыманне дадатковага прыбытку, а значыць, і на развіццё лагістычных структур у краіне", - падкрэсліў спецыяліст.

КАНСАЛІДАЦЫЯ МАГЧЫМАСЦЕЙ

"Задача, пастаўленая ўрадам, - своечасовая", - упэўнены Павел Ігнатовіч. З аднаго боку, прымяненне ўжо створанага механізма біржавой лагістыкі дасць магчымасць ператварыць патэнцыяльную выгаду ў рэальную. З другога, прыходзячы на біржу, пакупнікі, у тым ліку замежныя, хочуць атрымаць поўны спектр паслуг. Для іх відавочна, што біржавая лагістыка для кліентаў біржы не павінна абмяжоўвацца толькі транспартнымі і складскімі паслугамі. "Пры гэтым ёсць добры патэнцыял для развіцця на біржавых пляцоўках паслуг - брокерскіх, банкаўскіх, страхавых, мытных, інфармацыйных і гэтак далей. Чаму б не выкарыстаць гэту магчымасць?" - задаўся пытаннем прадстаўнік БУТБ.

Усведамляючы гэта, для аб'яднання зацікаўленых у развіцці біржавой лагістыкі кампаній і ў мэтах рэалізацыі пастаўленых урадам задач біржа выступіла ініцыятарам стварэння і ўдзельнікам Асацыяцыі біржавых лагістаў і брокераў (БЛБ), якая была зарэгістравана 6 сакавіка 2014 года. У яе ўвайшлі 16 удзельнікаў з 7 краін Еўропы і Азіі, дзейнасць якіх звязана з рознымі відамі дзейнасці на біржавым рынку, пачынаючы ад гандлёва-закупачных і заканчваючы транспартна-экспедытарскімі аперацыямі. "Плануецца, што работа асацыяцыі будзе накіравана на далейшае развіццё біржавой лагістыкі ў інтарэсах дзяржавы і ўдзельнікаў біржавога гандлю", - адзначыў Павел Ігнатовіч. Акрамя таго, асацыяцыя ставіць перад сабой задачы ўдасканалення нарматыўнай базы, павышэння інфармаванасці грамадства аб біржавым гандлі, перш за ўсё адносна беларускіх тавараў і механізмаў арганізаванага гандлю.

Марыя ДЗМІТРЫЕВА
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі