Сцяг Пятніца, 17 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 мая 2024, 15:05

Цёплыя выхадныя і пахаладанне на наступным тыдні прагназуюць беларускія сіноптыкі

2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да плюс 25 градусаў, дажджы і туман прагназуюць у Беларусі з 3 па 8 мая. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Скончыўся красавік, які на тэрыторыі Беларусі па сваёй сярэдняй тэмпературы быў цяплейшым на 2-3 градусы. Ападкаў выпала нямала: на пераважнай частцы тэрыторыі яны ў 2,5-3,5 раза перавысілі красавіцкую норму, месцамі выпала 56-84 мм, або 1,5-2 месячныя нормы, і толькі ў крайніх заходніх рэгіёнах - каля кліматычнай нормы.

Заключны месяц вясны пачаўся з сухога і цёплага надвор'я, але ўжо ў бліжэйшы час з паўночна-ўсходніх раёнаў стане паступаць халаднаватая паветраная маса. Пры гэтым у паўднёва-заходніх і паўднёвых рэгіёнах па-ранейшаму будзе захоўвацца ўплыў цёплых паветраных мас. Так, да канца бягучага і ў пачатку наступнага рабочага тыдня тэмпературны фон у разрэзе рэспублікі чакаецца даволі кантрасны, і толькі ў сераду, калі Беларусь апынецца на перыферыі халоднага скандынаўскага антыцыклону, пахаладае ўжо ўсюды.

У пятніцу, 3 мая, будзе без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 2-8 градусаў, а па захадзе - 9-12. Днём тэмпература будзе ад плюс 15 градусаў па паўночным усходзе да плюс 25 градусаў па паўднёвым захадзе.

У суботу, 4 мая, таксама без ападкаў. У начны і ранішні час у асобных раёнах згусціцца слабы туман. Ноччу чакаецца плюс 1-7 градусаў, месцамі замаразкі - ад 0 да мінус 2 градусаў. Удзень тэмпература паветра дасягне 15-22 градусаў. У заходніх раёнах краіны ўначы будзе плюс 8-10 градусаў, а ўдзень - 23-24 градусы.

У нядзелю, 5 мая, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, а ў дзённы час магчымы навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах згусціцца слабы туман. Днём месцамі ўзмацненне ветру парывамі 15-18 м/с. Ноччу слупкі тэрмометра пакажуць плюс 5-12 градусаў, а днём - ад 16 градусаў па поўначы да 25 градусаў па поўдні і паўднёвым захадзе.

У панядзелак, 6 мая, ноччу месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі рэспублікі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы навальніцы. У начны і ранішні час месцамі слабы туман. Уначы чакаецца 6-13 градусаў, а па паўночным усходзе - плюс 2-5 градусаў. Удзень тэмпература будзе ў межах ад плюс 10 градусаў па паўночным усходзе да плюс 24 градусаў па паўднёвым захадзе.

У аўторак, 7 мая, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, удзень магчымы навальніцы. У начны і ранішні час у асобных раёнах згусціцца слабы туман. Ноччу сіноптыкі абяцаюць плюс 1-8 градусаў, месцамі па поўначы магчымы замаразкі - ад 0 да мінус 2 градусаў, а днём - да плюс 8-15 градусаў. У паўднёвых раёнах уначы будзе да 9-14 градусаў, удзень - 16-20 градусаў.

У сераду, 8 мая, у асобных раёнах рэспублікі чакаюцца кароткачасовыя ападкі (дождж, магчымы мокры снег). Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 1-7 градусаў, месцамі магчымы замаразкі ад 0 да мінус 3 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да 9-16 градусаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі