Сцяг Пятніца, 17 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 красавіка 2024, 18:47

"Яны пойдуць у народ". Косінец расказаў пра бліжэйшыя планы Прэзідыума, Сакратарыята, дэлегатаў УНС

Аляксандр Косінец
Аляксандр Косінец
29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегаты УНС пойдуць у народ, у працоўныя калектывы, ва ўстановы і арганізацыі, каб растлумачваць палітыку дзяржавы і рашэнні УНС. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец па выніках праведзенага 29 красавіка па селектарнай сувязі даклада Прэзідэнту Беларусі, старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адна з задач, якую паставіў кіраўнік дзяржавы, датычыцца выбудоўвання структуры для арганізацыі работы УНС. У сувязі з гэтым Аляксандр Косінец звярнуў увагу на ролю і функцыі Прэзідыума УНС. Ён уключае 15 чалавек, з якіх толькі адзін працуе на прафесійнай аснове (намеснік старшыні УНС), а астатнія будуць выконваць пастаўленыя перад імі задачы на функцыянальнай аснове. "Упершыню прэзідыум будзе збірацца не дзеля галасавання і таго, каб пачуць нейкія мэты, задачы, а кожны (з членаў Прэзідыума УНС. - Заўвага БЕЛТА), зыходзячы са сваіх прафесійных навыкаў, уменняў, вопыту, будзе курыраваць вызначаны напрамак", - сказаў намеснік старшыні УНС.

Напрыклад, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш будзе курыраваць ад Прэзідыума УНС тэматыку, якая датычыцца адукацыі, маладзёжнай палітыкі, пераемнасці пакаленняў, дэлегат ад грамадзянскай супольнасці Надзея Ермакова - адпаведную тэматыку грамадзянскай супольнасці, захавання ў ёй згоды, а дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня профільнай камісіі Марына Лянчэўская - сферу заканадаўства, выканання законаў, прававых актаў, што выдаюцца заканадаўчымі і выканаўчымі органамі. "Гэта не проста членства ў прэзідыуме, а вельмі сур'ёзная, напружаная работа, што курыруе ўсе напрамкі дзейнасці УНС, а гэта вызначэнне яго стратэгіі, пытанні, звязаныя з кансалідацыяй грамадства, непарушнасцю канстытуцыйнага ладу, пераемнасцю пакаленняў, грамадзянскай згодай", - адзначыў Аляксандр Косінец.

Што датычыцца Сакратарыята УНС, то Прэзідэнтам пастаўлена задача арганізаваць сістэму ўзаемадзеяння з дзяржорганамі, губернатарамі, мясцовымі органамі ўлады, суб'ектамі грамадзянскай супольнасці. "Сакратарыят УНС, у якім налічваецца ўсяго 10 чалавек, будзе таксама ажыццяўляць курацыю важнейшых напрамкаў рэгіянальнай палітыкі, ідэалогіі, права, пытанняў, звязаных з эканамічным развіццём нашай дзяржавы, а таксама будзе ажыццяўляць кантроль за ўсімі рашэннямі, што прымае УНС", - растлумачыў намеснік старшыні УНС.

Яшчэ адна з прыярытэтных задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы, - сістэмная работа з дэлегатамі УНС па вертыкалі старшыня - намеснік - сакратарыят - дэлегаты УНС. Паколькі ў склад сходу ўваходзяць амаль 1,2 тыс. дэлегатаў.

"Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу, каб кожны дэлегат УНС штодзённа, штогадзінна ўдзельнічаў у яго рабоце (рабоце УНС. - Заўвага БЕЛТА), - звярнуў увагу Аляксандр Косінец. - Гэта не ранейшыя сходы, якія праводзіліся ад аднаго з'езда да другога. У далейшым будуць праводзіцца штогадовыя пасяджэнні (УНС. - Заўвага БЕЛТА), а прэзідыума - не радзей за адзін раз у паўгоддзе. Будуць абмяркоўвацца важнейшыя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, нацыянальнай бяспекі, жыцця людзей, будаўніцтва дзяржавы для народа. Для таго каб мы разам сапраўды будавалі моцную, квітнеючую Беларусь. І ў гэтым будзе ўдзельнічаць кожны дэлегат УНС".

Улічваючы, што ў складзе УНС ёсць і члены ўрада, і парламентарыі, дэпутаты ўсіх узроўняў, і старшыні абл-, гар- і райвыканкамаў, і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, і суддзі, яны будуць максімальна ўзаемадзейнічаць з усімі сацыяльнымі слаямі грамадства як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўнях.

"Яны пойдуць у народ, у працоўныя калектывы, ва ўстановы і арганізацыі, будуць растлумачваць палітыку нашай дзяржавы і Усебеларускага народнага сходу, - растлумачыў намеснік старшыні УНС. - Ім неабходна будзе мець пастаянны кантакт са сваімі падначаленымі, выбаршчыкамі і, зразумела, дакладваць аб праведзенай рабоце. Мы будзем кантраляваць гэту работу ў абавязковым парадку - як яна наладжана, як ажыццяўляецца будаўніцтва дзяржавы для народа".

Аляксандр Косінец запэўніў, што выбудаваная работа будзе максімальна эфектыўнай: "Мы дойдзем да самага апошняга хутара, будзем бачыць, як жыве народ, вызначаць яго спадзяванні, ажыццяўляць клопат. Для таго, каб у нас была магутная свабодная, суверэнная дзяржава".

На працягу тыдня сакратарыяту трэба падрыхтаваць і прадставіць на разгляд Прэзідэнту, старшыні УНС шэраг дакументаў, якія рэгулююць далейшую работу УНС і яго органаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі