Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 лютага 2024, 15:04

Лукашэнка пра пазіцыю Арменіі наконт АДКБ: рэагуем абсалютна спакойна, АДКБ не рухне

25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі абсалютна спакойна рэагуюць на заявы, якія прагучалі ад армянскага боку, наконт членства ў АДКБ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў журналістам пасля галасавання на выбарах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы на гэта рэагуем абсалютна спакойна. Мы абмяркоўвалі з прэзідэнтамі ў Казані гэту праблему ўскосна. Абсалютна спакойна. Трэба Арменіі быць у АДКБ - мы нікога не выганяем, заўсёды падтрымліваем, падтрымлівалі і будзем падтрымліваць як свайго саюзніка. Не захочуць яны быць у АДКБ - яна не рухне, не разваліцца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым афіцыйных паведамленняў ад Ерэвана пакуль наконт гэтага не паступала, удакладніў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што ў Арменіі сістэма ўлады наладжана так, што пытанне аб членстве ў АДКБ павінна вырашацца ў парламенце: "Там Пашынян не можа прыняць рашэнне, уваходзіць ці выходзіць. Там парламент прымае рашэнне. Думаю, разважлівых людзей у парламенце Арменіі большасць. Крыўды ніякай на нас быць не можа, на АДКБ".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на гэту тэму ўжо не раз гаварылі, і трэба разумець, што для ўсіх членаў АДКБ Азербайджан не чужая краіна. "У АДКБ нямала мусульманскіх краін. Вы таксама гэта разумееце. Адсюль часткова адпаведная пазіцыя. А, па-трэцяе, а Арменія што, хацела, каб мы ўцягнуліся ў вайну Арменіі з Азербайджанам? Дык да гэтага часу ішла б гэта вайна і загінулі б тысячы людзей, - заявіў беларускі лідар. - Я лічу, што Азербайджан і Арменія, на жаль, праз вайну ў выніку прыйшлі да правільнага вырашэння пытання. Арменія (і яны гэта прызналі) акупіравала пяць ці шэсць раёнаў азербайджанскіх".

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час фактычна адыгрываў ролю пасрэдніка паміж Баку і Ерэванам у спробе мірна ўрэгуляваць тэрытарыяльную спрэчку, а Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў на працягу шэрага гадоў не толькі заклікаў да мірнага ўрэгулявання, але і прапаноўваў фінансавую падтрымку армянскаму боку: "Я міжвольным пасрэднікам аказаўся - з Баку ехаў у Ерэван і перадаваў гэтыя сігналы. Аж да ўкладанняў у эканоміку Арменіі мільярдных інвестыцый. Азербайджан - багатая краіна. Было вельмі шмат прапаноў па-добраму вырашыць гэта пытанне".

Тым не менш, у былыя гады кіраўніцтва Арменіі не ішло на мірнае ўрэгуляванне і праблемныя пытанні назапашваліся. "Гэта ўсё назапашвалася і абрушылася на Ніколу Ваваевіча Пашыняна (цяперашняга прэм'ер-міністра Арменіі. - Заўвага БЕЛТА), на яго ўрад. Ён увогуле мала вінаваты ў тым, што адбылося. Але гэту праблему трэба было вырашаць. Тым больш, акупіраваныя Арменіяй раёны азербайджанскія - гэта пустыня была. У самым прыгожым месцы, у цёплым, утульным, дзе маглі жыць людзі. Больш за мільён бежанцаў азербайджанскіх - вялізны груз на Азербайджане і многія іншыя праблемы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Ну, даваяваліся. Якая наша пазіцыя павінна была быць? Армяне - нашы блізкія, нашы родныя людзі. А Азербайджан што, чужы? Таму мы трапілі ў такую сітуацыю. І там не было прычын уступлення АДКБ у гэты канфлікт. Абсалютна не было для нас падставы нават", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу таксама на кантакты Арменіі з Францыяй. "Яны ж увесь час там у Францыі з Эмануэлем Макронам размаўляюць. Пайшлі заявы: Францыя дапаможа і сістэмамі ППА, і ў ваеннай галіне, і ў эканоміцы. Увогуле, возьме Ерэван на плечы і панясе. Ніхто нікога не панясе. Вы бачыце, што адбываецца ў Францыі. Таму палітыкам у Ерэване трэба апамятацца і, па-народнаму кажучы, не трэба губляць тое, што ёсць", - параіў Прэзідэнт Беларусі.

Ён прывёў у якасці прыкладу Грузію: "Дзякуй богу, устанаўліваюцца нармальныя адносіны перш за ўсё з Расіяй, з намі, эканоміка паднімаецца. Паспрабавалі лёгкага хлеба на Захадзе. Амерыканцы пра Грузію ўжо забылі. Як толькі грузіны варухнуліся ў тым плане, што гэта іх краіна незалежная і суверэнная, Захад пачаў на іх націскаць. У тым ліку і перш за ўсё ЗША. Ну дык трэба зрабіць адпаведную выснову. Нікому яны на Захадзе не патрэбны. Там тысячы праблем".

"Сёння, напрыклад, у ЗША Байдэн будзе падтрымліваць Украіну, Арменію і гэтак далей. Заўтра ўлада зменіцца і Трамп скажа: "Слухайце, я вас не ведаю. Сябры мае, я вас першы раз бачу!" - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён яшчэ раз заклікаў не губляць тое, што трымаеш у руках: "Выйсці проста, а вось зайсці будзе складана. Прыклад зноў жа - Грузія. Ну, выйшла яна з СНД і ўсіх структур. Што гэта, лепш для яе? Не. Пажадана вярнуцца. А вярнуцца заўсёды складаней".

Аляксандр Лукашэнка параіў армянскаму боку не спяшацца і не рабіць рэзкіх рухаў. "Не спяшайцеся. Не трэба выходзіць, не трэба замарожваць нешта. Ну, калі вам штосьці не падабаецца, ну, не прыехалі, - сказаў ён. - Час многае мяняе. І сітуацыя зменіцца вакол Арменіі, Азербайджана. Наогул у свеце зменіцца. Таму такім кампактным невялікім дзяржавам, як Арменія, Беларусь і іншыя, не трэба рабіць рэзкіх рухаў. Тонкі лёд - правалімся, не дастане ніхто. Наадварот, нагой пхнуць, каб там і захлынуўся. Не трэба спяшацца армянам. Мне здаецца, што Нікол Ваваевіч проста паспяшаўся і зрабіў эмацыянальную заяву".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі